BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку завяршыўся саміт спікераў парламентаў Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Украіны

У Беластоку завяршыўся двухдзённы саміт кіраўнікоў парламентаў Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Палітыкі цягам двух дзён абмяркоўвалі будучыню бяспекі ў Еўропе ў звязку з расейскай ваеннай агрэсіяй ва Украіне і гібрыднымі атакамі на ўсходнія межы Польшчы і краін Балтыі. Гаворыць спікер Сейма Польшчы – Шыман Галаўня:

– Каб паказаць адсюль з Беластоку, на ўвесь свет, што не дадзім нас падзяліць. Мы маем ідэі, як зблізіцца. Гэты крызіс выкліканы не намі. Паўстануць новыя праграмы ў сферы культурнай супрацы, адукацыі, самакіравання. Будзем падтрымліваць усе гэтыя ініцыятывы нашых урадаў і рознага кшталту грамадскіх арганізацый.

У сваю чаргу старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук ускладвае вялікія надзеі ва ўмацаванні бяспекі Украіны і ўсёй Еўропы на старшынства Польшчы ў Еўразвязе, якое распачнецца з 1 студзеня 2025 года:

– Мы вельмі спадзяёмся на жнівень 2025 году, калі кіраванне ў Еўрапейскім Звязе пяройдзе да Польшчы, а далей будзе Літва, Латвія, мы таксама на гэта спадзяёмся. Спадзяёмся таксама вярнуцца ў наш еўрапейскі дом. Далучэнне краіны да Альянсу будзе выгадна не толькі для Украіны, але будзе выгадна для ўсяго Альянсу. Сёння вы не знойдзеце больш баяздольнай арміі на ўсходняй мяжы Альянсу, чым украінская армія. Мы гатовыя дзяліцца з Альянсам усім тым досведам, які мы набылі падчас гэтай страшнай вайны.

Акрамя міжсобных перамоваў і кансультацый парламентарыі краін балта-чарнаморскага рэгіёна таксама правялі сустрэчы з прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім, а таксама з вучнямі ліцэяў горада.

* * *

Саміт спікераў парламентаў Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны завяршыўся ў Беластоку прыняццем сумеснай дэкларацыі аб далейшай падтрымцы Украіны, а таксама аб супрацы на розных узроўнях. Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да агульнага меркавання адносна агрэсіўных дзеянняў Расейскай Федэрацыі.

У сумеснай заяве напрыканцы саміту маршалак польскага Сейма Шыман Галоўня падкрэсліў, што ўдалося стварыць асаблівае вымярэнне супрацоўніцтва, унікальнае ў маштабе Еўразвязу. Галоўня паведаміў, што кіраўнікі парламентаў хочуць з’явіцца разам на будучым саміце NATO ў Вашынгтоне. Такім чынам яны хочуць паказаць, што прадстаўляюць адзіны спосаб мыслення ў адным з найважнейшых рэгіёнаў сучаснага свету.

* * *

У Беластоку праходзіць парламенцкая сустрэча вышэйшых прадстаўнікоў пяці краінаў нашага ўсходнееўрапейскага рэгіёну. У першы дзень кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі ды Эстоніі сустрэліся ў галоўнай залі Палаца Браніцкіх, каб акрэсліць планы на гэтую сустрэчу. Гаворыць ад прымаючага боку – спікер Сейма Польшчы Шыман Галоўня:

-Хочам паказаць тут, у Беластоку, блізка ад мяжы, усім тым, каму залежыць бяспека Еўропы, што мы не баімся тых, хто сёння хоча нас напалохаць, мы не баімся тых, хто хоча нас застрашыць. Што мы не дамо нас падзяліць тым, хто марыў пра тое,  як разбіць наша адзінства. Цягам гэтых двух дзён мы будзем імкнуцца паказаць адсюль – з Беластоку цэламу свету, што будзем працаваць так, што гэта прынясе карысць усяму рэгіёну.

За тым кіраўнікі парламентаў скіраваліся на сустрэчу з вучнямі беластоцкіх ліцэяў. Дзе адказалі на пытанні, якія хвалююць моладзь Падляшша. Праца парламенатарыяў працягнецца ў Беластоку сёння цягам дня.

Цалкам матэрыял:

* * *

У панядзелак, 10 чэрвеня, у Беласток прыбылі спікеры парламентаў Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Украіны. Падчас двухдзённай сустрэчы гаворка пойдзе пра бяспеку ў Еўропе.

У сустрэчах удзельнічаюць: старшыня Сейма Рэспублікі Польшча Шыман Галоўня, старшыня парламенту Эстонскай Рэспублікі Лауры Хуссар, старшыня Сейма Латвійскай Рэспублікі Дайга Міерыня, старшыні Сейма Літоўскай Рэспублікі Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн і старшыні Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук.

Другі дзень візіту будзе прысвечаны размовам пра ролю Польшчы, краін Балтыі і Украіны ва ўмацаванні бяспекі ў Еўропе, а таксама тэме сацыяльнага вымярэння як апірышчы рэгіянальнай бяспекі. Частка дыскусіі будзе датычыць партнёрства паміж мясцовымі ўладамі і грамадствамі, у ёй возьме ўдзел Прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя