За некалькі дзён да 107-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Каардынацыйнай радзе прайшлі важныя слуханні, прысвечаныя ўвядзенню новай пасады Упаўнаважанага па беларускім пытанні. Пасля слуханняў група Каардынацыйнай рады адразу накіравалася ў Кіеў, дзе абмеркавала з украінскімі дэпутатамі пытанні далейшага супрацоўніцтва і сустрэлася з беларускай дыяспарай. Наш сённяшні “Госць Рацыі” – старэйшы дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, які прыняў удзел у слуханнях КР, падзяліўся сваімі ўражаннямі аб бягучай працы выбранага протапарламента, ацаніў супрацу дэмакратычных сіл у выгнанні і гатовасць да розных сцэнароў на фоне заканчэння вайны ва Украіне, а таксама павіншаваў усіх з Днём Волі.

РР: На апошняй сустрэчы Каардынацыйнай Рады было абмеркаванне ўвядзення такой пасады як спецыяльнага ўпаўнаважанага. Крыху больш пра яе, для чаго яна ўводзіцца?
Аляксандр Дабравольскі: Справа была па заснаванні інстытуту ўпаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі. Відавочна, што дзяржава ў Беларусі непадкантрольная і не адказвае перад грамадствам, захоўваюць уладу людзі, якія не абраныя большасцю выбаршчыкаў. Тое, што дзяржава не толькі не абараняе правы беларусаў у краіне і за межамі, але вядзе фактычна вайну супраць тых, хто можа падазравацца ў нелаяльнасці, то гаварыць пра тое, што могуць быць забяспечаны правы ці хтосьці з дзяржавы будзе абараняць, не даводзіцца. У беларусаў шмат праблем і ў краіне – гэта атмасфера страху, немагчымасць сказаць слова пад пагрозай таго, што ці звольняць, ці пасадзяць. Так і за мяжой у беларусаў ёсць праблемы – не выдаюць, не мяняюць дакументы, няма консульскіх паслугаў, немагчыма там зрабіць іншыя натарыяльныя рэчы. Тыя людзі, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі пад пагрозай рэпрэсій, таксама маюць праблемы. І вось мы пачалі абмяркоўваць пазітыўную альтэрнатыву для Беларусі, праект Канстытуцыі, праекты законаў, каб быць падрыхтаванымі да зменаў, ведаць, што тады рабіць.
Падчас абмеркавання закона аб амбудсмене, упаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі, гэта закон распрацаваны ўжо, мы прэзентавалі. Шмат якія беларусы і беларускі сказалі нам: слухайце, гэта на будучыню, а нам абарона патрэбна ўжо зраза, таму што не ўсё могуць зрабіць праваабаронцы і трэба паспрабаваць зараз заснаваць інстытут, атрымаць досвед, дапамагчы людзям, якія могуць скарыстацца гэтай дапамогай, і тады ўжо ў Новай Беларусі гэты інстытут будзе паўнавартасны. Мы падумалі, што тут людзі маюць рацыю і распрацавалі палажэнне аб упаўнаважаных па правах грамадзян Беларусі. Паглядзелі, як гэта можна заснаваць, і наша рашэнне было такое, што гэта павінны быць супольны разгляд кандыдатураў Каардынацыйнай радай, Кабінетам і Офісам Святлана Ціханоўскай. І вось унеслі на разгляд Каардынацыйнай рады такую прапанову. Прапанова выклікала шэраг розных рэакцый, а ў цэлым тое, што трэба абараняць правы беларусаў усе ў асноўным пагаджаліся, але было шмат пытанняў. Гэта, як звычайна – палітычная барацьба паміж фракцыямі, але я спадзяюся, што такое рашэнне будзе прынята, палажэнне будзе зацверджана, пасля будуць вылучацца кандыдатуры, папрацуе камісія па адборы, якая павінна паводле гэтай камісіі складацца з пяці чалавек. А пасля Каардынацыйная рада абярэ з тых людзей, якія прапануе камісія.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
З “Госцем Рацыі”, старэйшым дарадцам беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Аляксандрам Дабравольскім, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота КР і Офіс СЦ






