Некалькі дэпутатаў Еўрапейскага парламента ў пятніцу, 29 сакавіка, запатрабавалі правесці расследаванне з нагоды меркаванага подкупу Расеяй еўрапейскіх палітыкаў. Схему такога подкупу, звязаную з сайтам Voice of Europe, выявілі ўлады Чэхіі, піша Deutsche Welle.
Так, кіраўнік фракцыі “Абнаўляючы Еўропу” францужанка Валеры Айе ў лісце да кіраўніка ЕП Рабэрты Метсолы запатрабавала правесці неадкладнае і празрыстае ўнутранае расследаванне з гэтай нагоды.
“Калі дзеючыя дэпутаты Еўрапарламента або кандыдаты на маючых адбыцца выбарах бралі грошы ў расейскага ўрада або ў яго прадстаўнікоў, яны павінны быць выкрытыя і ў дачыненні да іх павінны быць прыняты меры”, – цытуе словы Айе агенцтва AFP. Фракцыя таксама заклікала тэрмінова правесці з гэтай нагоды парламенцкія дэбаты. Сустаршыня групы “зялёных”, немка Тэры Райнтке назвала тое, што адбываецца, атакай на самую сутнасць дэмакратыі.