BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У ЕЗ заявілі пра пагрозу для суверэнітэту і ідэнтычнасці Беларусі

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выступіў з заявай з нагоды чарговых угодкаў масавых пратэстаў у Беларусі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году з прычыны фальсыфікацыі іх вынікаў.

Фота: aa.com.tr

«Чатыры гады таму, 9 жніўня, жыхары Беларусі выйшлі на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі пазбавіць іх права вырашаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны», — адзначаецца ў заяве.

У дакуменце паведамляецца, што на акцыі пратэсту ў Беларусі рэжым Лукашэнкі адказаў масавай кампаніяй гвалту і запалохвання, у выніку якой у зняволенні апынуліся тысячы грамадзян. Барэль нагадаў, што прынамсі шэсць беларускіх палітвязняў загінулі ў зняволенні, а многія з іх утрымліваюцца ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі. Ён ад імя Еўразвязу заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых у Беларусі.

У заяве адзначаецца, што суверэнітэт і ідэнтычнасць Беларусі знаходзяцца пад усё большай пагрозай. Апроч шырокамаштабных унутраных рэпрэсіяў, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, а таксама арганізаваў міграцыйны ціск на знешнія межы Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя