BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Гаагу перададзеныя новыя дадзеныя пра датычнасць Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей

У Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе на мінулым тыдні перададзеныя “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей, заявіў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” украінскі праграмны дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Юры Юркевіч.

Паводле яго слоў, з акупаваных Расеяй тэрыторый былі перавезеныя больш за 2.200 дзяцей, гэта рабілася з мэтай іх “палітычнай індактрынацыі і мілітарызацыі адукацыі”. Апроч Freedom House, падкрэсліў Юркевіч, у падрыхтоўцы амаль 90 дакументаў удзельнічалі ўкраінскі цэнтр правоў чалавека ZMINA і Рэгіянальны цэнтр па правах чалавека. Праваабаронцы анансуюць публікацыю 4 кастрычніка ўласнага расследавання аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь. Юркевіч выказаў падзяку за дапамогу ў яго падрыхтоўцы аб’яднанню былых сілавікоў BelPol і праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

20 верасня намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (ОПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка заявіў, што, паводле апошніх звестак, якія сабрала НАУ, дэпартацыі на тэрыторыю Беларусі былі падвергнуты звыш 3,5 тыс. дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны.