24–25 чэрвеня 2025 году кіраўнікі краін NATO збяруцца ў Гаазе. Галоўным пытаннем будзе падвышэнне мінімуму выдаткаў на абарону да 5% ВУП.

Планка 5% выдаткаў на абарону, прапанаваная генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ, уключае 3,5% на ўзбраенне і 1,5% на «ўстойлівасць». Гэтыя 1,5% могуць уключаць выдаткі на інфраструктуру і падтрымку Украіны. Але ўвядуць такую планку ці то ў 2032, ці то ў 2035 годзе. А ў 2029-м, магчыма, перагледзяць.
У праекце дэкларацыі саміту згадваецца 5-ы артыкул аб дапамозе кожнай краіне NATO пры нападзе на яе. Таксама адзначаецца, што Расея застаецца «пагрозаю» для еўраатлантычнай бяспекі. Пытанне сяброўства Украіны ў NATO адышло на другі план пасля таго, як Трамп назваў далучэнне Украіны да альянсу нерэальным. На саміце чакаюць таксама прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, ён возьме ўдзел у некаторых падзеях і сустрэчах.






