Гэты статус павінен аблегчыць уладам выкарыстанне сакрэтных метадаў для назірання за партыяй, напрыклад, шляхам прыцягнення канфідэнцыйных інфарматараў і перахопу паведамленняў.

Агенцтва ўнутранай разведкі Германіі ў пятніцу вызначыла ўльтраправую прарасейскую партыю “Альтэрнатыва для Германіі” як экстрэмісцкую арганізацыю, якая пагражае дэмакратыі. Як піша Reuters, гэта дазволіць лепш кантраляваць партыю, якая заняла другое месца на федэральных выбарах у лютым.
“Канцэпцыя народа, заснаваная на этнічнай прыналежнасці і паходжанні, якая пераважае ў партыі, несумяшчальная са свабодным дэмакратычным парадкам”, – гаворыцца ў заяве службы ўнутранай разведкі.
Адзначаецца, што АдГ не лічыць грамадзян Нямеччыны імігранцкага паходжання з пераважна мусульманскіх краін раўнапраўнымі чальцамі нямецкага народа.
Такі падыход, на думку разведкі, прывёў да таго, што асобныя асобы і групы “павараюцца і ачарняюцца”, выклікаючы “ірацыянальны страх і варожасць у адносінах да іх”.
Reuters адзначае, што такое рашэнне прынята на фоне гарачых дэбатаў аб тым, як паводзіць сябе з AдГ у новым парламенце. Партыя атрымала на выбарах рэкордную колькасць месцаў, што тэарэтычна дае ёй права ўзначаліць некалькі ключавых парламенцкіх камітэтаў, хаця для гэтага ёй усё роўна спатрэбіцца падтрымка іншых партый.
У той жа час, на думку аналітыкаў, гэтае рашэнне рызыкуе яшчэ больш узмацніць падтрымку AдГ і яе заявы аб тым, што яна адціснутая на другі план.






