- Ці хочацца ў краіне, дзе ёсць Лукашэнка, быць жанчынай?
- Беларусь праводзіць вучэнні з баявымі самалётамі, здольнымі несці тактычную ядзерную зброю
- Зяленскі: будучыня Беларусі – з ЕЗ
«У краіне, дзе ёсць Лукашэнка, хочацца быць жанчынай»
Словы гэтыя належаць журналісту газеты «Мінская праўда» Яўгену Пуставому. У сваім артыкуле, прысвечанай Міжнароднаму жаночаму дню 8 Сакавіка, ён піша пра тое, якія цудоўныя ўмовы створаны ў Беларусі для развіцця сям’і і мацярынства, і пра тое, як клапоціцца пра жанчын Аляксандр Лукашэнка, які любіць называць сябе «жаночым прэзідэнтам»», – паведамляе еўрапейскае выданне ISans.
«Як і многія іншыя прыдворныя прапагандысты, Пуставы скарыстаўся гэтым святам не для таго, каб расказаць аб неабходнасці барацьбы за правы жанчын, а каб лішні раз спець оды свайму кіраўніку. Савецкія святы – 8 сакавіка, дзень перамогі 9 мая, дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада і іншыя – захаваліся ў Беларусі (як і ў Расеі) з часоў СССР у амаль нязменным выглядзе. Адбылося гэта таму, што новых па вялікім рахунку не прыдумана, затое старыя цалкам адпавядаюць ідэалагічным запытам рэжыму, галоўны з якіх – абʼяднанне вакол лідара. Рамантызацыя савецкай эпохі зʼяўляецца адным са слупоў ідэалогіі Лукашэнкі. Відавочна, што прычыны крыюцца, перш за ўсё, у яго ўласнай асобе. Як і тое, што рэжымы ў Расеі і Беларусі прайшлі праз важнае выпрабаванне – «выбары», парламенцкія і мясцовыя ў Беларусі (люты) і прэзідэнцкія – у Расеі (сакавік). Падкантрольныя медыя ў гэты адказны перыяд былі цалкам мабілізаваны на барацьбу з любымі альтэрнатыўнымі сіламі (пра незалежных кандыдатаў не магло быць і гаворкі) і згуртаванне народанасельніцтва дзвюх краін вакол сваіх «правадыроў». Прапагандзе ўсё цяжэй тлумачыць насельніцтву, чаму вайна ідзе ва Украіне так доўга, навошта яна патрэбная, і галоўнае – навошта Беларусі трэба падтрымліваць Расею і фактычна станавіцца саўдзельнікам яе ваенных злачынстваў. Як бы ні імкнуліся прапагандысты, зрабіць з Украіны ворага не ўдалося. Па сутнасці, Украіна зʼяўляецца «ворагам» Беларусі толькі на загад Крамля», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
«У аўторак Беларусь пачала вучэнні з баявымі самалётамі, здольнымі несці тактычную ядзерную зброю, калі міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў, што Лукашэнка загадаў правесці раптоўную інспекцыю сіл, якія адказваюць за такую зброю», – перадае міжнароднае выданне Anadolu.
«Паступіла распараджэнне Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь (Лукашэнкі) аб правядзенні раптоўнай праверкі сіл і носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі», – так паведаміла прэс-служба Мінабароны. Для выканання вучэбных задач прыведзены ў баявую гатовасць мабільны балістычны ракетны комплекс малой далёкасці «Іскандэр», а таксама эскадрылля знішчальнікаў Су-25. Будзе правераны ўвесь комплекс мерапрыемстваў ад планавання, падрыхтоўкі і нанясення ўдараў тактычнай ядзернай зброяй. У сакавіку мінулага года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Расея перадала Беларусі балістычны ракетны комплекс «Іскандэр», які можа несці ядзерную зброю, і пераабсталявала беларускія самалёты, каб яны маглі несці спецыяльныя боепрыпасы. У канцы красавіка Лукашэнка заявіў, што Расея размясціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боегаловак», – канстатуе міжнароднае выданне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню выказаўся аб тым, што бачыць будучыню Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым ён заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапарламента Робертай Метсолай, якая прыбыла з візітам у Кіеў. Зяленскі падкрэсліў, што Кіеў чакае канкрэтных крокаў ад Еўрасаюза, неабходных для пачатку перамоваў аб уступленні Украіны. На яго думку, пашырэнне ЕЗ павінна закрануць і іншыя еўрапейскія дзяржавы. «Еўропа – гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі», – цытуе Уладзіміра Зелянскага «Еўрапейская праўда».
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя