У Грузіі завяршылася галасаванне на парламенцкіх выбарах. Апублікаваныя дадзеныя экзітполаў (апытанняў выбаршчыкаў на выхадзе з участку), але яны паказваюць вельмі розныя вынікі, паведамляе “Навіны – Грузія”.
Так, экзітпол, праведзены па замове апазіцыйнага тэлеканала Mtavari, дае кіруючай партыі “Грузінская мара” 42%, а апазіцыйным партыям усім разам – 48%.
Апытанне іншага апазіцыйнага тэлеканала Formula дае “Грузінскай мары” – 40,9%, а апазіцыйным партыям – 51,9%.
А вось праўрадавы тэлеканал Imedi атрымаў зусім іншыя дадзеныя экзітпола: 56% у партыі ўлады “Грузінская мара”, а ўсе апазіцыйныя партыі разам узятыя набралі толькі 36%.
Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі сцвярджае, што паводле яе дадзеных, апазіцыйныя партыі набіраюць 52% галасоў. І гэта без уліку галасоў дыяспары, якая яшчэ працягвае галасаваць у краінах Еўропы.
Ганаровы старшыня кіруючай партыі “Грузінская мара” Бідзіна Іванішвілі, прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ і іншыя прадстаўнікі ўлады наадварот заяўляюць аб перамозе менавіта іх палітычнай сілы.