BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У ISW ацанілі ролю Беларусі ў магчымых будучых вайсковых сцэнарыях Пуціна

Расея і надалей будзе развіваць вайсковую інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі для падтрымкі вайны супраць Украіны, а таксама для стварэння ўмоў удзелу ў магчымых будучых вайсковых сцэнарыяў супраць краін NATO. Такую ацэнку далі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW), аналізуючы апошнія ўдары РФ па чыгуначнай інфраструктуры заходніх абласцей Украіны.

Аналітыкі нагадалі, што напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў: расейскія войскі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для ўзмацнення дронавых атак па чыгуначнай інфраструктуры на захадзе Украіны. Паводле яго слоў, РФ запускае беспілотнікі з беларускага напрамку, каб абыходзіць украінскія сістэмы перахопу дронаў. Менавіта гэтым Зяленскі патлумачыў рост колькасці атак дронамі тыпу «Шахед» па заходніх рэгіёнах краіны.

У прыватнасці, 26 снежня расейскія беспілотнікі ўдарылі па чыгуначнай станцыі Ковель у Валынскай вобласці, якая знаходзіцца прыкладна за 64 кіламетры ад мяжы з Беларуссю. У выніку атакі былі пашкоджаныя лакаматыў Львоўскай чыгункі, грузавы вагон, а таксама выбітыя вокны ў рамонтным дэпо.

Акрамя таго, нядаўна расейскія войскі атакавалі грузавы цягнік паблізу Карасценя ў Жытомірскай вобласці — прыкладна за 50 кіламетраў ад беларускай мяжы. У выніку ўдару з рэек сышлі грузавы і пасажырскі цягнікі. Расейскія ваенныя блогеры сцвярджалі, што для атакі выкарыстоўваліся дроны «Шахед» з элементамі штучнага інтэлекту.

Разам з тым, як адзначылі ў ISW, украінскі спецыяліст па радыёэлектроннай барацьбе Сяргей «Флэш» Бескрестнаў выказаў меркаванне, што ўдар па цягніку, які рухаўся, мог нанесці аператар, што знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, ужыўшы FPV-дрон Shahed з анлайн-кіраваннем.

У Інстытуце вывучэння вайны таксама нагадалі, што раней фіксавалі выпадкі пераследу расейскімі дронамі лакаматываў у Чарнігаўскай і Сумскай абласцях з выкарыстаннем беспілотнікаў з убудаванымі камерамі і радыёкіраваннем. Аналітыкі мяркуюць, што РФ альбо запускала дроны па Жытомірскай вобласці непасрэдна з тэрыторыі Беларусі, альбо выкарыстала новыя тэхналагічныя магчымасці.

ISW падкрэсліў, што Расея фактычна ператварыла Беларусь у плацдарм для сваіх вайсковых аперацый — як падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, так і для наступных удараў. Аналітыкі прагназуюць, што Масква і надалей будзе развіваць сваю вайсковую інфраструктуру ў Беларусі, у тым ліку для падтрымкі вайны супраць Украіны і стварэння ўмоў для магчымых будучых удараў па краінах NATO.