
У Калінінградзе затрыманы і адпраўлены пад арышт мясцовы грамадскі антываенны актывіст Алег Савін. Яму інкрымінуюць абвінавачванне па крымінальным артыкуле за так званы «распаўсюд фэйкаў пра расейскую армію». Гаворка ідзе пра каментары ў траўні 2022 года ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» датычна дзеянняў расейскай арміі ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі ва Украіне. Гаворыць сябра ды паплечнік Алега Савіна, каардынатар Балтыйскай рэспубліканскай партыі – Вадзім Пятроў:
– Па факце, калі разбірацца ў гэтай вар’яцкай дзяржаве з двухгаловым арлом, то ёсць закон УК РФ 353 – планаванне і падрыхтоўка, развязванне агрэсіўнай вайны. Гэта вельмі сур’ёзны закон. На самой справе Алег гэта таксама разумее. І гэты закон распаўсюджваецца на тых, хто па сутнасці юрыдычна ўварваўся ва Украіну, аддае загады. Хітрая крамлёўская ўлада пераінтэрпрэтавала гэта ўсё ў СВО так званае. Хаця Алег называе гэта агрэсіўнай вайной, як і я ў прынцыпе.
Алег Савін вядомы актывіст рэгіянальнага руху ў Калінінградскай вобласці, які выступае за аўтаномію тэрыторыі былой Усходняй Прусіі, вяртанне там нацыянальных сімвалаў ды гістарычных назваў гарадоў і мястэчак. У 2015 годзе актывіст быў засуджаны за вывешванне сцяга Германіі на гаражы ФСБ у Калінінградзе. А таксама ў 2012 годзе на 15 сутак арышту ў Гародні за сцяг Прусіі на адной з пратэсных акцыяў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






