BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Кангрэс ЗША ўнеслі законапраект у падтрымку беларускіх уцекачоў

У праекце закону згадваецца магчымасць прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і статусу часовай абароны беларускім уцекачам, паведамляе svaboda.org.

Сенатар Бенджамэн Кардын унёс у Сенат ЗША законапраект, які прадугледжвае меры падтрымкі для грамадзян Беларусі і Расеі, вымушаных пакінуць свае краіны з прычыны палітычных рэпрэсіяў.

Адразу некалькі раздзелаў законапраекту S.5116 BRIDGE Act з назвай Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act прысвечаныя дапамозе беларусам і расейцам, якія знаходзяцца ў выгнанні.

Законапраект прадугледжвае, што ЗША будуць прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты прыдатнымі для паездак у Злучаныя Штаты і ставіць візы ў такія дакументы.

Прапануецца прызнаць грамадзян Беларусі асобамі «бяздомнага грамадзянства» — гэта значыць людзьмі, якія не могуць падацца на візу на радзіме. Гэта дасць грамадзянам Беларусі права падавацца на амерыканскія іміграцыйныя і неіміграцыйныя візы ў ЗША ў любых іншых краінах або краінах паводле зацверджанага спісу.

Таксама прапануецца даць беларусам статус часовай абароны (TPS) — гэта статус, які прысвойваецца чалавеку па запыце і дае яму права жыць і працаваць у ЗША.

Акрамя гэтага, дакумент прадугледжвае, што ЗША заклікаюць Еўракамісію даць грамадзянам Беларусі ў выгнанні юрыдычныя дакументы для здзяйснення міжнародных паездак.

На сайце Кангрэсу сказана, што законапраект S.5116 быў унесены ў Сенат ЗША 19 верасня 2024 году, пасля гэтага яго двойчы прачыталі і перадалі ў Камітэт замежных справаў, які можа прыняць рашэнне аб яго вынясенні на паседжанне Сенату. У выпадку зацвярджэння праекту верхняй палатай амерыканскага Кангрэсу ён таксама павінен будзе прайсці ўсе этапы разгляду ў Палаце прадстаўнікоў.