Працоўная група Каардынацыйнай рады для рэагавання і маніторынгу сітуацыі са знікненнем спікеркі працягвае разглядаць розныя варыянты развіцця падзей з ёй, уключаючы знаходжанне Анжалікі Мельнікавай на беларускай тэрыторыі. Пра гэта паведаміў “Позірку” кіраўнік групы Аляксандр Паршанкоў.

Аднак, каментуючы выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра Мельнікаву, якое прагучала напярэдадні, актывіст адзначыў: “Не магу казаць ад імя працоўнай групы, але магу сказаць сам ад сябе, што для мяне сцэнар, што яна ў Беларусі і што да гэтага маюць дачыненне беларускія спецслужбы, — я яго не разглядаю. Працоўная група, канешне, разглядае ўсе сцэнары, але я лічу, што адбылося нешта іншае”.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, лідар “Каманды Латушкі і руха “За Свабоду” у КР, да якіх належыць Мельнікава, Павел Латушка на сваім ютуб-канале 13 красавіка паведаміў, што напярэдадні звярнуўся ў польскую пракуратуру з прапановай правесці дадатковыя следчыя дзеянні і заявай пра гатоўнасць даць паказанні сведак па яе справе. Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, стала вядома 28 сакавіка.