BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Кузніцы і Баброўніках зноў адкрылі памежныя пераходы з Беларуссю

Апоўначы ў панядзелак у Падляшскім ваяводстве аднавілі працу два аўтамабільныя памежныя пераходы з Беларуссю — Кузніца–Брузгі і Баброўнікі–Бераставіца. У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падкрэслілі, што рашэнне стала магчымым пасля ўзмацнення бяспекі і ўшчыльнення мяжы, дзе працягваюцца масавыя спробы незаконнага пранікнення з тэрыторыі Беларусі.

Збігнеў Ставіцкі
Збігнеў Ставіцкі

На адкрыцці пераходу ў Баброўніках выступіў дзяржаўны падсакратар і намеснік кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы Збігнеў Ставіцкі:

– З вялікай радасцю бяру ўдзел у адкрыцці памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца. У гэты ж самы час адкрываецца памежны пераход Кузніца – Брузгі. У Кузніцы памежны пераход быў закрыты чатыры гады таму, у Баброўніках – два з паловай гады таму. Гэта сур’ёзна ўскладніла жыццё для прадпрымальнікаў і жыхароў памежнага рэгіёну.

Яцэк Бжазоўскі
Яцэк Бжазоўскі

Адпаведна Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Баброўніках:

– Гэта гістарычная хвіліна для цэлага рэгіёну. 1469 дзён чакалі жыхары, каб памежны пераход у Кузніцы быў адкрыты. І 1010 дзён чакалі жыхары нашага рэгіёну, каб памежны пераход ў Баброўніках быў адкрыты. Гэта час, калі падляшскія прадпрымальнікі гублялі свае даробкі жыцця.

У Баброўніках грузавы рух дазволены толькі для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у ЕЗ, ЕАСТ і Швейцарыі. Акрамя таго, пераход адкрыты для пасажырскага руху і аўтобусаў. У Кузніцы дазволены толькі пасажырскі рух, за выключэннем аўтобусаў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя