
скрыншот з відэа
Праўладны тэлеканал «Беларусь 1» ўвечары 4 верасня паказаў анансаваны раней сюжэт пра затрыманне «польскага шпіёна» ў Лепелі на Віцебшчыне.
Так, супрацоўнікі КДБ затрымліваюць мужчыну, які называецца грамадзянінам Польшчы «Гжэгажам Гавэлам». Ён нібыта мусіў здабыць нейкую інфармацыю на тэму вайсковых вучэнняў «Захад 2025».
Сцвярджаецца, што Гавэл праз сацсеткі звязаўся з беларускім грамадзянінам і прапанаваў яму супрацу ў інтарэсах польскіх спецслужбаў. Паводле сюжэту, паляк за некалькі хвілін да затрымання атрымаў для Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы «сакрэтны вайсковы дакумент», датычны вучэнняў.
У сюжэце таксама паказалі нібыта ранейшыя кадры з машыны, дзе невядомы перадае Гжэгажу Гавэлу дакументы. Паведамляецца, што распачалі крымінальную справа па шпіянажы.
***
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Рафал Басацкі паведаміў Polsat news, што інфармацыя пра затрыманне ў Лепелі Віцебскай вобласці паляка Гжэгажа Гавела КДБ Беларусі цяпер правяраецца. Ён падкрэсліў, што гэта можа быць правакацыя альбо сфальсіфікаваная гісторыя.
Басацкі адзначыў, што Польшча і краіны NATO з трывогай назіраюць за вучэннямі «Захад-2025», дзе адпрацоўваюцца розныя маштабныя сцэнары.
Паводле яго, лукашэнкаўскія ўлады ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі правакацыі ў дачыненні да Польшчы, таму і цяпер неабходна спакойна ацаніць сітуацыю.
Дыпламат нагадаў таксама, што нядаўна спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа генерал Келаг наведаў не толькі Маскву, але і Менск. Гэта, паводле Басацкага, можа сведчыць пра спробы наладзіць пэўны дыялог. Аднак калі на гэтым фоне адбываюцца такія інцыдэнты, то «гэта дрэнны сігнал».
* * *
Прадстаўнік польскіх спецслужбаў у сувязях з грамадскасцю Яцэк Дабжыньскі адрэагаваў на затрыманне грамадзяніна краіны, якога на прапагандысцкім канале ў Беларусі назвалі «польскім шпіёнам».
«Арышт грамадзяніна Польшчы супрацоўнікамі КДБ Беларусі — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць нашай краіны. Польскія спецслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых манеўрах», — напісаў ён у сацсетцы X.
У сваю чаргу міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што яны ведаюць чаго чакаць ад рэжыму Лукашэнкі.
«Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. У рэшце рэшт, у беларускіх турмах ужо ёсць польскія зняволеныя, у тым ліку Анджэй Пачобут і іншыя. Мы ўжо вядзем унутраныя кансультацыі аб тым, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу», — цытуе міністра TVN24.
Затрыманы Гжэгаж Гавэл, 1998 году нараджэння, брат-кармеліт з Кракава. Улады Беларусі заяўляюць, што ён меў пры сабе восем дакументаў, датычных вайсковых расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контрвыведка КДБ.






