
Фота: Pixabay
Сёння, 9 траўня, завяршаецца датэрміновае галасаванне. Яно магчымае ва ўсіх 60 муніцыпалітэтах з 7:00 раніцы да 8 вечара. У большасці муніцыпалітэтаў месцы для датэрміновага галасавання размешчаны ў муніцыпальных будынках. За пасаду прэзідэнта Літвы змагаюцца восем палітыкаў. Адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве праходзіць абавязковы рэферэндум аб легалізацыі падвойнага грамадзянства.
З Вільні перадае наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна:
– Датэрміновае галасаванне ў Літве пачалося ў аўторак і заканчваецца сёння. За два дні, паводле звестак Галоўнай выбарчай камісіі, прагаласавала больш за 91 тысячу чалавек ці каля 4% выбарцаў. Сярод фаварытаў дзеючы прэзідэнт Гітанас Наўседа, па раней агучанай статыстыцы за Наўседу планавалі галасаваць каля 35 % выбарцаў. Далей ідзе адвакат Ігнас Вегеле, яму збіраліся аддаць свае галасы каля 12%, а за ім прэм’ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманітэ, за яе хочуць аддаць свой голас каля 10% выбарцаў. Самая гучная агітацыя вялася за адваката Вегеле, вось і сёння я бачыла, як па вуліцах ездзіў аўтамабіль з прычэпленым плакатам з выявай палітыка, і гукаўзмацняльнікі на ім заклікалі літоўцаў галасаваць за адваката.
Галоўны дзень прэзідэнцкіх выбараў і рэферэндуму па легалізацыі падвойнага грамадзянства. – нядзеля – 12 траўня. Дарэчы, у легалізацыі падвойнага грамадзянства ў Літве шмат хто зацікаўлены. А пра вынікі гэтых падзеяў мы даведаемся ўжо на наступным тыдні.
Даведка пра кандыдатаў у прэзідэнты Літвы:
Цяперашні прэзідэнт, беспартыйны Гітанас Наўседа балатуецца на другі тэрмін. Кіруючы Саюз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы вылучыла кандыдатам на пасаду прэзідэнта прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманітэ, Партыя свабоды, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, вылучыла дэкана юрыдычнага факультэта Універсітэта ім. Вітаўта Вялікага Дайнюса Жалімаса, апазіцыйная Партыя працы вылучыла свайго лідара, дэпутата Андруса Мазуроніса, іншая апазіцыйная палітычная сіла – Дэмакратычны саюз “У імя Літвы”, вылучыла на пасаду былога намесніка міністра абароны Гедрымаса Эглінскаса.
Сваю кандыдатуру вылучылі адвакат Ігнас Вегеле, урач Эдуардас Вайткус і лідар партыі «Усход Нёмана» Рэмігіюс Жамайтайціс.
Беларускае Радыё Рацыя






