Раённы суд Кішынёва часткова задаволіў запыт пракуратуры і арыштаваў кіраўніцу малдаўскай Гагаўскай аўтаноміі Яўгенію Гуцул на 20 дзён.

Як расказаў журналістам пракурор Адрыян Скутару, абвінавачанні Гуцул выставілі паводле чатырох артыкулаў: нелегальнае фінансаванне кампаніі выбараў на пасаду кіраўніка Гагаўзіі ў 2023 годзе, фальсіфікацыя дакументаў, фальсіфікацыя дэкларацый, фальсіфікацыя справаздач аб фінансаванні кампаніі.
Адвакат Гуцул Сэрджу Марару заявіў, што абвінавачанні, выстаўленыя Гуцул, можна прадʼявіць любому канкурэнту на выбарах, бо кандыдаты не ведаюць, хто і ў якім абʼёме робіць ахвяраванні, а таксама не займаюцца справаздачамі.
Супраць Гуцул малдаўскае следства адкрыла дзве крымінальныя справы: аб незаконным фінансаванні сваёй палітычнай дзейнасці – увозе грошай з Расеі, і аб удзеле ў арганізацыі пратэстаў у Кішынёве ў 2022 годзе.
Гуцул усе абвінавачанні адпрэчвае. У 2024 годзе яе ўнеслі ў свае санкцыйныя спісы ЗША і Еўразвяз. Улады апошняга лічаць, што яна і яшчэ некалькі гагаўзскіх палітыкаў дэстабілізуюць сітуацыю ў Малдове.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: govorit.md






