У нядзелю, 28 верасня, у Малдове стартавалі парламенцкія выбары, вынікі якіх стануць ключавымі для курсу дзяржавы — застацца на шляху еўраінтэграцыі ці павярнуць да Масквы.

Грамадзяне абіраюць 101 дэпутата на 4 гады. У выбарах удзельнічаюць 14 партый, 4 выбарчыя блокі і 4 незалежныя кандыдаты. Прахадны бар’ер — 5% для партый, 7% для блокаў і 2% для незалежных.
Асаблівасць гэтай кампаніі — упершыню ўведзенае паштовае галасаванне для грамадзян Малдовы ў 10 краінах. За мяжой працуюць 301 участак у 41 дзяржаве. Менавіта дыяспара традыцыйна падтрымлівае празаходнія сілы, што надзвычай важна для кіроўнай партыі «Дзеянне і салідарнасць».
Для жыхароў Прыднястроўя адкрытыя 12 участкаў на правабярэжжы Днястра, але месцазнаходжанне некаторых з іх змянілі ў апошні момант з меркаванняў бяспекі. Улады Прыднястроўя ўжо абвінавацілі Кішынёў у «правакацыі», спаслаўшыся на рамонт усіх сямі мастоў праз Днестр.
Прэзідэнт Мая Санду і ўрад папярэджваюць: Расея спрабуе паўплываць на выбары, каб прывесці да ўлады прамаскоўскія сілы і сарваць еўраінтэграцыю Малдовы.






