У сталіцы Беларусі 13 снежня працягнуліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Коўл абвесціў, што з беларускага калію здымаюцца амерыканскія санкцыі: «Думаю, гэта вельмі добры ход з боку ЗША для Беларусі. Мы іх здымаем цяпер».

Коўл адзначыў, што зносіны на тэму санкцый будуць працягвацца далей, і «па меры нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі ўсё больш санкцый будзе здымацца». Як вядома, санкцыі Еўразвязу датычна беларускага калію застаюцца дзейнымі.
Таксама паводле слоў Джона Коўла, перамовы з Лукашэнкам былі вельмі прадуктыўнымі: «Мы гаварылі пра вайну паміж Украінай і Расеяй, пра Венесуэлу. Прэзідэнт Лукашэнка згадаў шмат людзей і шмат рэчаў. У нас была вельмі добрая размова. Мы гаварылі пра будучыню. Пра тое, як рухацца шляхам збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта».
Адказваючы на пытанне, што неабходна рабіць для далейшай нармалізацыі адносін, Коўл адзначыў: «Менавіта тое, што мы ўжо робім. Мы здымаем санкцыі, вызваляем зняволеных. Мы пастаянна размаўляем адно з адным». Шэраг крыніцаў паведамляюць пра тое, што сёння магчымае вызваленне больш за 100 палітзняволеных, у тым ліку знакавых палітвязняў.






