BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Менску зноў заявілі аб імаверных дыверсіях каля Беларусі

863-і дзень вайны. У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра напружаную сітуацыю на заходняй і паўднёвай мяжы краіны.

Намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Уладзімір Купрыянюк заявіў пра «сістэмнае нарошчванне кааліцыйных сіл NATO» каля заходніх межаў і пра «напружаную сітуацыю» на паўднёвай мяжы Беларусі. Купрыянюк таксама сказаў, што Украіна паскоранымі тэмпамі ўзводзіла інжынерныя загароды і праводзіла мінаванне ў памежных раёнах Ровенскай, Валынскай, Жытомірскай і Чарнігаўскай абласцях. Як вядома, будаваць фартыфікацыі на мяжы з Беларуссю Украіна пачала пасля таго, як расейскія войскі адступілі з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей, у якія яны ўвайшлі менавіта з тэрыторыі Беларусі, нагадвае Свабода. 

Тым часам, прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан праводзіць перамовы ў Маскве з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Раней Орбан заявіў, што Будапешт «хацеў бы падштурхнуць РФ і Украіну да заключэння міру, аднак разумее, што арганізацыяй такіх перамоваў будуць займацца буйныя дзяржавы».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Мінабароны