Сёння, 14 лютага, пачынаецца Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, у цэнтры ўвагі якой Украіна і Блізкі Усход.

У Мюнхен прыехалі тыя, хто мае ўплыў на справы бяспекі ў свеце. Сярод іх амерыканскі віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ды шмат іншых.
Асаблівая ўвага надаецца сённяшняй сустрэчы Джэй Дзі Вэнса з Уладзімірам Зяленскім. Гэта важна ў сувязі з нядаўняй размовай Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна, адзначае кіраўнік польскай дыпламатыі.
«Канферэнцыя, якая пачынаецца, праходзіць у цені драматычных падзей на Блізкім Усходзе, але, па-другое, таксама ў цені драматычных падзей паміж ЗША і Расіяй. Падобна на тое, што ў трансатлантычным парадку дня гаворка ідзе не толькі пра будучыню Украіны, але і пра рэканфігурацыю НАТА», — анансаваў Радаслаў Сікорскі.
Пяць тысяч паліцэйскіх, у тым ліку з-за межаў Баварыі і нават з Аўстрыі, ахоўваюць бяспеку ўдзельнікаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
У той жа час самалёт дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа вярнуўся назад з-за тэхнічных праблем. На Мюнхенскай канферэнцыі Рубіа павінен быў далучыцца да Вэнса і Зяленскага. Аднак невядома, ці паспее Рубіа прыехаць у Мюнхен на гэтую сустрэчу, адзначае CBS News.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Getty Images






