У Міністэрстве замежных спраў Расеі заклікалі Беларусь «захоўваць пільнасць» пры развіцці дыялогу з ЗША. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка ведамства Міхаіл Галузін, паведамляе ТАСС.

Паводле яго слоў, у Маскве вітаюць канструктыўныя крокі па нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін і магчымай адмене абмежаванняў, аднак заклікаюць «беларускіх сяброў» улічваць нацыянальныя інтарэсы і супрацоўніцтва з ключавымі саюзнікамі — Расеяй і Кітаем. Галузін адзначыў, што ў РФ высока ацэньваюць заявы Аляксандр Лукашэнка пра тое, што «вялікая здзелка» з Вашынгтонам магчымая толькі без шкоды для стратэгічных партнёраў Менска.
Расейскі дыпламат таксама выказаў упэўненасць, што спробы «недружалюбных дзяржаў» знайсці разыходжанні паміж Масквой і Менскам будуць беспаспяховымі.
Каментуючы выключэнне авіякампаніі Белавія з санкцыйных спісаў ЗША, Галузін назваў гэта «добрай навіной», але падкрэсліў, што маштабны санкцыйны рэжым супраць Беларусі працягвае дзейнічаць. Паводле яго, гаворка ідзе толькі пра дазвол на эксплуатацыю васьмі самалётаў Boeing 737, а атрыманне амерыканскіх запчастак патрабуе асобнага ўзгаднення.
Ён таксама заявіў, што ЗША пакідаюць за сабой магчымасць аднавіць абмежаванні ў любы момант.






