У Нью-Ёрку 5 студзеня пачаўся працэс над Нікаласам Мадурам. Як паведамляюць амерыканскія СМІ, на судзе Мадура не прызнаў сябе вінаватым па ўсіх прад’яўленых яму абвінавачаннях.

У абвінаваўчым заключэнні пералічаныя чатыры пункты, уключаючы змову з мэтай наркатэрарызму, захоўванне аўтаматычнай зброі і выбуховых прылад. “Я прэзідэнт Венесуэлы, я лічу сябе ваеннапалонным. Мяне захапілі ў палон у мяне дома ў Каракасе. Я невінаваты. Я прыстойны чалавек”, – заявіў Мадура.
У зале суда была забароненая відэаздымка, але некаторым журналістам дазволілі перадаваць інфармацыю.
Як паведамляе тэлеканал CBS News, Мадура ўвайшоў у будынак суда Паўднёвай акругі Нью-Ёрка ў турэмнай робе, з кайданамі на нагах.
Яго жонка, Сілія Флорэс, таксама апранутая ў турэмную робу. Яна таксама не прызнала сваю віну ў кантрабандзе какаіну. Рукі Мадуры і Флорэс былі вольныя.
Першае слуханне па справе Нікаласа Мадуры і яго жонкі ў федэральным судзе Паўднёвай акругі Нью-Ёрка скончылася. Наступнае паседжанне прызначанае на 17 сакавіка.






