У праекце новага санкцыйнага пакета Еўразвязу — шэсць грамадзян Беларусі і тры абаронныя прадпрыемствы. Пра гэта стала вядома крыніцам “Свабоды” ў Бруселі.

Санкцыйныя абмежаванні прапанавалі ўвесці супраць Аршанскага авіярамонтнага завода і яго генеральнага дырэктара Паўла Случака. Прадпрыемства займаецца рамонтам верталётаў, якія Расея выкарыстоўвае супраць Украіны. Таксама абмежаванні могуць закрануць Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі і яго дырэктара Валерыя Шацілу. Завод выконвае заказы Узброеных сіл Расеі. Трэцяя арганізацыя — беларуская кампанія “Пеленг”, якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.
Санкцыйныя абмежаванні прапануюць увесці таксама супраць асоб, датычных да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Гэта Аляксей Талай, Дзмітрый Шаўцоў, Дзмітрый Дзямідаў і Вольга Волкава.