Крысціна Рыхтэр пакідае пасаду дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, якую яна займала з канца снежня 2022 года. Гэтую пасаду зойме Леанід Марозаў, юрыст, выкладчык і былы міжнародны сакратар Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА», піша «Люстэрка».

Паводле інфармацыі Офіса, кандыдатуру свайго пераемніка офісу прапанавала сама Рыхтэр. Леаніду Марозаву 36 гадоў, ён нарадзіўся ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Скончыў МІПСА па спецыяльнасці “міжнароднае публічнае права”. Затым – магістратуру гэтай жа ВНУ. Пасля гэтага стаў выкладчыкам у родным універсітэце. Таксама выкладаў і ў В’етнаме.
У 2016 годзе Марозава звольнілі з МІПСА па палітычных матывах. Пасля чаго ён пачаў працаваць у праваабарончых і грамадскіх арганізацыях Беларусі. Больш за пяць гадоў прадстаўляў Беларускі нацыянальны маладзёжны савет “РАДА” на міжнародным узроўні, а таксама быў экспертам рабочай групы па правах моладзі ў Еўрапейскім маладзёжным форуме ў Брусэлі.
Па словах Крысціны Рыхтэр, рашэнне аб сыходзе з пасады “было асабістым і абдуманым”. Найбліжэйшым часам яна плануе непублічна займацца некаторымі беларускімі праектамі і прысвяціць час адпачынку, каб перазагрузіцца і аднавіць сілы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай






