Дні новага года хутка пакоцяцца ў палітычным віхуры новага часавага адрэзку. Не абяцае ён быць спакойным, а хутчэй усяго прынясе новыя турботы, праблемы, а магчыма і катаклізмы, чаго канешне не хацелася б. А на пачатку 2025-га прыгадаем асноўныя палітычныя падзеі, якія ўжо закладзены ў каляндар і павінны адбыцца, калі толькі не здарыцца нечага надзвычайнага.
Галоўным у студзені павінна стаць інаўгурацыя новага-старога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прызначаная на 20-ы дзень месяца. З прыходам да ўлады яго адміністрацыі многія звязваюць вялікія надзеі, але «спадчына» Трампу засталася вельмі няпростая, так што паглядзім, што яму ўдасца і наколькі ЗША верне сабе статус сусветнага лідара.
26 студзеня завяршыцца выбарчы фарс у Беларусі. У выніку Лукашэнка на гэтых самавыбарах чарговы раз будзе абвешчаны прэзідэнтам дзяржавы (адзін раз яго выбралі, а шосты раз сам падоўжыць «бясконцы» тэрмін). Пацярпеўшы фактычна поўнае фіяска ў 2020 годзе, ён пастанў не сыходзіць з пасады, а задушыць, памяняць, выгнаць народ з краіны і кіраваць дакладна да сваёй смерці.
23 лютага пройдуць парламенцкія выбары ў нямецкі бундэстаг. У сітуацыі германскага крызісу ад гэтых выбараў будзе залежаць стварэнне ўрадавай кааліцыі і тое, хто стане новым канцлерам дзяржавы і рэальным кіраўніком краіны. Асноўнымі прэтэндэнтамі будуць кіроўная Сацыял-дэмакратычная партыя (СДПГ), вылучэнцам якой ёсць цяперашні канцлер Олаф Шольц, апазіцыйны блок Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) – Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС), «зялёныя» і апазіцыйная правая партыя «Альтэрнатыва для Германіі». Пакуль на фаварыта выглядае блок ХДС-ХСС, лідар якога Фрыдрых Мерц мае найлепшыя шанцы стаць новым канцлерам.
Але галоўнымі выбарамі для ўсіх нас стануць прэзідэнцкія ў Польшчы. Яны ня маюць пакуль вызначанай даты. Як мяркуецца, першы тур хутчэй усяго пройдзе 18 траўня, а другі, без якога напэўна не абыдзецца, – 1 чэрвеня. Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя», якая мае бальшыню ў парламенце і ўрад, прадказальна вылучыла на цэнтральную пасаду дзяржавы прэзідэнта Варшавы Рафала Тшаскоўскага. Права-кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» ставіць на значна менш вядомага ў краіне і за межамі Польшчы Караля Наўроцкага. Выбарчая гонка будзе напэўна вельмі атракцыйнай і вострай. Пакуль выразным фаварытам лічыцца Тшаскоўскі: ён папулярны ў Варшаве, дзе сканцэнтраваны вялікі працэнт электарату краіны. Але паводле апошніх апытанняў грамадскіх меркаванняў рэйтынг Наўроцкага таксама ідзе ў рост. Будзе надзвычай цікава, за каго прагаласуюць маладыя выбарцы.
Важныя выбары чакаюцца і на іншых кантынентах. Так у Канадзе сканчаецца кадэнцыя ранейшага парламенту. Галоўнымі фігурантамі новых выбараў будуць Ліберальная партыя цяперашняга прэм’ер-міністра Джасціна Трудо, пазіцыі якога істотна пахіснуліся, Кансерватыўная партыя Канады і Новая дэмакратычная партыя. У існым парламенце лібералы былі ў кааліцыі з дэмакратамі, але дэмакраты пакінулі гэты звяз, што прыспешыла новыя выбары. У Паўднёвай Карэі пасля палітычнага крызісу чакаюцца выбары прэзідэнта.
Чакаюцца выбары ў Кнэсет Ізраілю. Урадавыя кааліцыі на Зямлі абяцанай ствараюцца і распадаюцца надзвычай часта. У партыі Лікуд прэм’ер-міністра Беньяміна Нетаньяху мяркуюць, што парламент можа быць распушчаны цягам зімняй сесіі. У такім разе выбары будуць прызначаны на вясну-лета 2025-га. Але кабінет Нетаньяху спадзяецца, што кааліцыю ўдасца ўтрымаць і выбары будуць адтэрмінаваныя да кастрычніка-лістапада. Лікуд, улічваючы і магутную падтрымку рэспубліканскай адміністрацыі ЗША, можа захаваць лідарства, а цяперашні прэм’ер – пасаду.
Магчымыя пертурбацыі ў Бразіліі. Цяперашні 79-гадовы прэзідэнт Лулу да Сілва перажыў зараз дзве складаныя аперацыі трэпанацыі чэрапа пасля інсульту. Не выключана, што здароўе не дазволіць яму кіраваць далей і тады будуць датэрміновыя выбары. Лула пры ўладзе з пачатку 2023 года пасля вельмі сумнеўнага падліку галасоў на папярэдніх выбарах. Гэты палітык мае сацыялістычную арыентацыю і арыентуецца цэлы час на Маскву. Эканоміка Бразіліі пры тым перажывае стагнацыю.
Такія асноўныя выбары чакаюцца ў 2025-ым. Шчыра зычу шчаслівага Новага году!
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік “Ніва”, №1, 2025 год






