
Ці голас расейскай апазіцыі ў Еўропе прагучыць зараз гучней? Адзін з вынікаў зімовай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, што на мінулым тыдні працавала ў Страсбургу – стварэнне дыялогавай платформы з расейскімі апазіцыйнымі сіламі ў выгнанні. Яны такім чынам легітымізуюць сваю дзейнасць за мяжой. Ідуць тым шляхам, што ўжо зрабілі прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці, – заўважае беларускі палітык, сябра Каардынацыйнай Рады, прадстаўнік беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ Павел Латушка:
– Апазіцыя мае сваю платформу, гэта ніжэй статус за нашу дэлегацыю. Мы мае дэлегацыю ад прадстаўнічага органа, абранага беларусамі. Яны стварылі платформу. Іх магчымасці дзейнасці ў ПАРЕ меншыя, чым нашы. Падчас сесіі Парламецкай Асамблеі Рады Еўропы расіяне казалі пра важнасць стварэння суб’екта дэмакратычных сілаў, а мы ўжо такі суб’ект маем – Каардынацыйную Раду.
Асабістыя кантакты ёсць з прадстаўнікамі расейскай апазіцыі, якія «наладжваюць дыялог» на палях ПАРЕ, кажа кіраўніца дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл ў ПАРЕ, кіраўніца міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады – Аляксандра Мамаева. Але галоўная задача беларусаў – пашыраць сваю палітычную прысутнасць:
– Мы знаёмыя з некаторымі чальцамі гэтай платформы. Але на дадзены момант мы не плануем нейкія сумесныя актыўнасці ці праекты, нам важна падкрэсліваць статус беларускай дэлегацыі і таксама падкрэсліваць, паказваць, што ў Беларусі ёсць свая адмысловая, адрозная ад расейскай апазіцыі, палітыка, бачанне працы ў ПАРЕ.
Беларуская дэлегацыя мае статус паўнапраўнага партнёра, які фактычна замяняе сабой прадстаўніцтва краіны. ПАРЕ афіцыйна не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам і разглядае дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай, як прадстаўнікоў інтарэсаў беларусаў унутры краіны і за яе межамі.
Беларускае Радыё Рацыя






