У Партугаліі сёння праходзяць прэзідэнцкія выбары, на якіх балатуюцца адразу 11 кандыдатаў — рэкордная колькасць у гісторыі краіны.

Паводле ацэнак назіральнікаў, гэтая акалічнасць амаль выключае перамогу каго-небудзь з прэтэндэнтаў у першым туры і робіць другі тур галасавання ў лютым вельмі верагодным, піша DW.
Права голасу маюць амаль 11 мільёнаў чалавек. Асноўныя вынікі чакаюцца да канца дня. Пераможца зменіць дзеючага прэзідэнта Марселу Рэбелу дэ Соуза, які адслужыў на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе максімальна дапушчальныя два пяцігадовыя тэрміны.
Адным з фаварытаў, паводле апытанняў, з’яўляецца Андрэ Вентура — лідар правай партыі «Хопіць». Летась – усяго праз шэсць гадоў пасля заснавання — яна стала другой па велічыні сілай у парламенце Партугаліі.






