BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Парыжы абмяркуюць магчымую прысутнасць войскаў ЗША ва Украіне

Еўрапейскія лідары і прадстаўнікі ЗША на сустрэчы ў Парыжы абмяркуюць гарантыі бяспекі для Украіны, якія могуць уключаць прысутнасць амерыканскіх войскаў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Фота wikipedia.org

Сустрэчу правядзе прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. У ёй возьмуць удзел прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, іншых еўрапейскіх краін, а таксама кіраўніцтва НАТА. Перамовы будуць прысвечаныя інтэграцыі прапаноў Вашынгтона з планамі так званай «кааліцыі жадаючых».

Пакуль застаецца нявызначаным фармат і месца магчымай дыслакацыі амерыканскіх войскаў у выпадку мірнага пагаднення з Расеяй. Абмяркоўваецца таксама ўдзел ЗША ў назіранні за спыненнем агню, у тым ліку з выкарыстаннем разведвальнай інфармацыі, беспілотнікаў і спадарожнікаў.

Еўрапейскія чыноўнікі адзначаюць пазітыўны характар кансультацый з ЗША і называюць амерыканскія прапановы важным крокам да ўзгаднення доўгатэрміновых гарантый бяспекі для Украіны.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што праца над гарантыямі бяспекі, аднаўленнем краіны і паэтапным планам дасягнення міру была паскораная. Паводле яго слоў, Кіеў разлічвае завяршыць падрыхтоўку адпаведных дакументаў да канца студзеня.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў Украіне гарантыі бяспекі тэрмінам на 15 гадоў, аднак Уладзімір Зяленскі настойвае на больш працяглым перыядзе і выказаў прапанову замацаваць іх на 50 гадоў.