BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Паўночнай Карэі выкрылі хлусню Лукашэнкі

Кім Ё Чжон, сястра кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына, рэзка адказала Аляксандру Лукашэнку, які днямі заявіў, што КНДР нібыта, сярод іншых краін, накіравала Беларусі свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на вышэйшым узроўні. Пра гэта гаворыцца на сайте Цэнтральнага телеграфнага агентства Паўночнай Карэі.

Кім Ё Чжон звяртае ўвагу, што з паведамлення расейскага агенцтва ТАСС ад 17 студзеня можна зрабіць выснову, што гэта КНДР прапанавала правесці сустрэчу ў Менску. «Наколькі я ведаю, такога няма», — паведамляе намесніца кіраўніка Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі.

Яна запэўнівае, што гэта не КНДР, а Беларусь просіць пра сустрэчы. «Я добра ведаю, што беларускі бок ужо як мінімум два гады шчыра разлічвае на кантакты з КНДР на высокім узроўні», — сцвярджае Кім Ё Чжон.

Такім чынам Кім Ё Чжон фактычна абвінаваціла Лукашэнку ў хлусні. «Калі вы спадзяецеся на развіццё супрацоўніцтва з намі, важна выразна пазначыць свае намеры. Я лічу, што праўдзівасць і сумленнасць павінны быць у двухбаковых адносінах паміж краінамі», — патрабуе праўдзівасці сястра паўночнакарэйскага дыктатара.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Yonhap News Agency