Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета правяла сустрэчы ў Міністэрстве народнай адукацыі і Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

У Міністэрстве народнай адукацыі Аліна Коўшык мела размову з кіраўніцай Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Клаўдыяй Торэс-Бартызэль, абмеркавала з ёй пытанне навучання беларускай мове дзяцей беларускай нацыянальнай меншасці і дыяспары, справу беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляскім.
Па выніку сустрэчы прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета накіруе на імя Міністра народнай адукацыі Польшчы ліст з просьбай аб вяртанні беларускай мове навучання статусу абавязковай.
Аліна Коўшык: «На жаль, не ўсе справы вырашаюцца так хутка, як нам бы хацелася, але пастаянны кантакт з прадстаўнікамі польскіх улад дапамагае нам дамагацца падтрымкі для беларусаў, якія пражываюць у Польшчы».
Таксама прадстаўніца Кабінета пазнаёмілася з новым дырэктарам Дэпартамента публічнай і культурнай дыпламатыі МЗС Польшчы Роландам Хойнацкім. Аліна Коўшык абмеркавала з ім неабходнасць выдачы польскіх віз для беларусаў, супольныя культурніцкія ініцыятывы, а таксама мерапрыемствы па супрацьдзеянні дэзынфармацыі рэжыму Лукашэнкі. У сустрэчы таксама прыняў удзел спецпасланнік па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Артур Міхальскі.
Крыніца: @CabinetBelarus






