
У польскую Генеральную пракуратуру вяртаюцца пракуроры Анна Адамяк і Кшыштаф Каршніцкі. Яны вядомыя па той гісторыі, калі ў 2011 годзе ўскосна спрычыніліся да выдачы лукашэнкаўскім спецслужбам даных, на падставе якіх арыштавалі кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Кандыдатуры Адамяк і Каршніцкага прапанаваў новы генеральны пракурор і міністр юстыцыі Польшчы Адам Боднар (на фота). Пра гэта паведамляе рэсурс niezalezna.pl
Генеральны пракурор зрабіў першы крок да аднаўлення на пасадах пракурораў былой Генеральнай пракуратуры, якія ў 2016 годзе былі пераведзеныя папярэдняй уладай на ніжэйшыя пасады.
Прыгадаем, што пракуратура Польшчы ў чэрвені 2011 года перадала лукашэнкаўскаму рэжыму даныя пра польскі рахунак кіраўніка правабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.
Менавіта пракурорка Ганна Адамяк тады разгледзела заяву афіцыйнага боку Рэспублікі Беларусь і, нягледзячы на адмоўнае заключэнне пракуратуры ў Варшаве, накіравала яе да рэалізацыі. Адамяк пры гэтым ігнаравала рэкамендацыю тагачаснага генеральнага пракурора Анджэя Сэрэмета, паводле якой да заявак з Беларусі трэба ставіцца асабліва асцярожна, бо яны могуць стаць пасткай для дзеячаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Тады Сэрэмет прыняў рашэнне прыцягнуць Адамяк да дысцыплінарнай адказнасці і перавесці яе ў іншае ведамства. Таксама той скандал прывёў і да адстаўкі кіраўніка Дэпартамента міжнароднай супрацы ў Генеральнай пракуратуры Кшыштафа Каршніцкага.
Алесь Бяляцкі тады ў выніку ў тым ліку дзеянняў Адамяк быў засуджаны да 4,5 года пазбаўлення волі нібыта за нявыплату падаткаў.






