Журналіст Анджэй Пачобут быў першым у спісе на вызваленне палітвязняў у Беларусі, які склала Польшча, пра гэта выданню Fakt паведаміў прэс-сакратар польскага МЗС Павел Уроньскі.

“ЗША заяўляюць, што гэта пачатак перамоваў. Мы спадзяемся, што ў спісе будзе больш грамадзян Польшчы і палякаў з беларускім грамадзянствам», — падкрэсліў Уроньскі.
Між тым польскі эксперт па міжнародных пытаннях і былы дэпутат Еўрапарламента Рычард Чарнецкі крытычна ацаніў дзеянні польскіх ўлад у гэтым пытанні.
“Польская дзяржава, і ў прыватнасці цяперашні ўрад, цалкам праваліла экзамен на эфектыўнасць у справе вызвалення Анджэя Пачобута”, – заявіў ён у сваёй калонцы для выдання Wpolityce.
Ён нагадаў, што пры цяперашнім урадзе Польшчы адбыўся «гучны абмен палоннымі паміж Захадам і Усходам, нібы ў часы Халоднай вайны». Гаворка пра маштабны абмен зняволенымі паміж Расеяй і Захадам, які прайшоў у Анкары ў жніўні мінулага года. Тады Польшча вярнула ў Расею арыштаванага паводле абвінавачвання ў шпіянажы Паўла Рубцова. Пры гэтым ніводзін з беларускіх палітвязняў, у тым ліку паляк па нацыянальнасці Анджэй Пачобут, не трапіў у спіс на абмен.






