BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы прынялі закон аб абмежаванні права на міжнародную абарону

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўчора падпісаў Закон аб часовым і тэрытарыяльным абмежаванні права на прыём прашэнняў аб міжнароднай абароне.

Здымак ілюстрацыйны

Гэты закон скіраваны на ўзмацненне бяспекі польска-беларускай мяжы.

«Я прыняў пастанову аб набыцці моцы так званага закона аб прытулку. Я падпісаў яго, бо лічу неабходным узмацніць бяспеку нашых межаў. Я заклікаю прэм’ер-міністра зрабіць актыўныя крокі для развязання праблем бяспекі Польшчы», — цытуе Анджэя Дуду «onet.pl».

Памежная служба, нягледзячы на абмежаванні, будзе прымаць заявы аб міжнароднай абароне ад няпоўнагадовых без суправаджэння дарослых, цяжарных жанчын і асоб, якім можа спатрэбіцца адмысловае стаўленне, асабліва праз іх узрост або стан здароўя. Абмежаванне не будзе датычыць чалавека, якому, на думку памежнай службы, «сапраўды пагражае сур’ёзная небяспека ў краіне, з якой ён ці яна непасрэдна прыбылі ў Польшчу».

Бальшыню беларусаў новаўвядзенні не павінны датычыць. Кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Анна Маціеўская раней падкрэслівала, што праект прадугледжвае непасрэднае выключэнне для грамадзянаў Беларусі. То бок беларусы змогуць надалей падаваць заявы на абарону ў памежнай зоне, адзначала яна.