BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы патлумачылі, ці адправяць свае войскі ва Украіну

Польшча не будзе адпраўляць войскі ва Украіну пасля завяршэння баявых дзеянняў, але створыць базы і арганізуе лагістыку для войскаў, якія будуць удзельнічаць у забеспячэнні бяспекі ва Украіне. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра абароны Польшчы Павел Залеўскі пасля сустрэчы міністраў абароны ЕЗ у Капенгагене, піша RMF FM.

Каменціруючы пазіцыю Польшчы, намеснік міністра падкрэсліў, што яго краіна застаецца адданай ідэі не адпраўляць войскі ва Украіну і не ўдзельнічаць у сухапутнай аперацыі. Паводле яго слоў, задача Польшчы – гарантаваць бяспеку на яе граніцы з Расеяй і Беларуссю. Ён падкрэсліў, што там пагроза “настолькі вялікая”, што Польшча не можа аслабіць свае сілы, адправіўшы іх ва Украіну.

Аднак, як сказаў Залеўскі, гарантыі, падрыхтаваныя ў рамках кааліцыі, прадугледжваюць прысутнасць еўрапейскіх войскаў ва Украіне і аперацыю па абароне ўкраінскага неба, і Польшча будзе адыгрываць ключавую ролю ў гэтай аперацыі.

Ён растлумачыў, што краіна створыць базы для падтрымкі войскаў, якія будуць знаходзіцца ва Украіне, і арганізуе лагістыку для гэтых войскаў, а таксама прадаставіць аэрадромы для самалётаў, якія будуць бараніць украінскае неба.