
фота ілюстрацыйнае
Маршалак Сейма Польшчы Шыман Галоўня падрыхтаваў законапраект, які дазволіць маршалку альбо віцэ-маршалкам, якія ўзначальваюць пасяджэнне, прызначыць кантроль цвярозасці дэпутата, датычна якога існуюць падазрэнні, што ён знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення падчас сесіі. Пра гэта Галоўня паведаміў на прэс-канферэнцыі, дадаўшы, што прадставіць прапанову Прэзідыуму Сейма.
“Калі грамадзянін прыйдзе п’яны на працу, то яго выкінуць з работы. А ў Сейме, здараецца, прыходзяць выпіўшы і пазней прыкрываюцца дэпутацкім імунітэтам. Можаш выпіць у дэпутацкай гасцініцы альбо рэстаране парламенту, але калі знаходзішся на пасяджэнні, то трэба быць цвярозым. Кожны дэпутат на працы павінен быць цвярозым як немаўля!” – цытуе Галоўню Польскае радыё.
Цяпер праверка дэпутата на цвярозасць немагчымая з-за таго, што народныя выбраннікі карыстаюцца імунітэтам. У польскім парламенце не раз узнікалі інцыдэнты, звязаныя з тым, што дэпутаты і сенатары з’яўляліся ў стане нападпітку.






