Мінабароны Расеі 26 лістапада выступіла са сцвярджэннем, што за апошнія тры дні ўкраінскія вайскоўцы нанеслі два ўдары дальнабойнай заходняй зброяй па аб’ектах у Курскай вобласці. Гэта першае афіцыйнае паведамленне расейскіх уладаў пра падобныя ўдары пасля тэлезвароту Пуціна, у якім ён казаў пра два ўдары, нанесеныя раней.

Паводле Мінабароны Расеі, 23 лістапада пяць ракет ATACMS амерыканскай вытворчасці былі выпушчаныя па пазіцыі зенітнага ракетнага дывізіёна С-400 у раёне Латароўкі на паўночны захад ад Курску.
Другі ўдар, як сцвярджаецца, быў нанесены 25 лістапада васьмю ракетамі ATACMS па аэрадроме Курск-Усходні, Расейскае абароннае ведамства заявіла, што цяпер рыхтуе «дзеянні ў адказ».Паведамленні пра тое, што ЗША далі дазвол украінскім вайскоўцам выкарыстоўваць ракеты ATACMS для ўдараў па вайсковых цэлях на расейскай тэрыторыі, з’явіліся на мінулым тыдні. Афіцыйна Белы дом пацвердзіў іх толькі 25 лістапада. Таксама кіраўнік МЗС Францыі афіцыйна пацвердзіў дазвол выкарыстоўваць пастаўленыя Францыяй дальнабойныя ракеты. Па ўсім відаць, адпаведны дазвол дала і Вялікая Брытанія.






