
На прайшоўшым учора першым туры выбараў прэзідэнта Румыніі большасць галасоў, а гэта 40,96%, набраў 39-гадовы лідар “Альянсу за аб’яднанне румын” Джорджы Сіміён. Пра гэта паведамляе ВВС. Сіміён заявіў, што ў выпадку перамогі можа прывесці ва ўладу адхіленага кандыдата Каліна Джорджэску, якога многія называюць прарасейскім і з-за якога былі адмененыя папярэднія выбары.
Сіміён выступае супраць дапамогі Украіне, але пры гэтым адмаўляе, што настроены прарасейску, асуджае напад Расеі на Украіну і называў Пуціна вайсковым злачынцам. Сіміён — прыхільнік Дональда Трампа, а ягоная партыя, як піша Politico, пазіцыянуе сябе як «прахрысціянскую і прасямейную».
У другім туры 18 мая Сіміён будзе змагацца за пасаду прэзідэнта з мэрам Бухарэста, цэнтрыстам Нікушорам Данам, які набраў 20,99%. 55-гадовы Дан — прымар, гэта значыць мэр сталіцы краіны, Бухарэста. Дан раней узначальваў ліберальны Саюз за ўратаванне Румыніі (СУР), аднак на выбары ідзе як незалежны і антымэйнстрымавы кандыдат.
Кандыдат ад кіруючай кааліцыі Крын Антанэску заняў толькі трэцяе месца.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі пройдзе 18 траўня.






