
фота DANIEL MIHAILESCU/AFP via Getty Images
У Румыніі завяршаюць падлік галасоў на выбарах прэзідэнта краіны, другі тур якіх адбыўся таксама ўчора.
Цяперашні мэр Бухарэста, незалежны кандыдат Нікушар Дан выйграе і яго супернік – лідар апазіцыйнай нацыянальнай партыі “Альянс за аб’яднанне румын” Джорджэ Сіміён ужо прызнаў паразу.
Паводле дадзеных ЦВК Румыніі, які апрацаваў ужо 99,92% бюлетэняў, Дан набірае 53,7% галасоў выбаршчыкаў. Яго апанент атрымлівае 46,3%.
Яшчэ да абвяшчэння канчатковых звестак ЦВК Сіміён прызнаў сваю паразу на выбарах.
У сацсетцы Facebook ён павіншаваў Дана з перамогай, заявіўшы, што “гэта была воля румынскага народа”.
Новы румынскі прэзідэнт ужо выказаўся наконт выбараў у Польшчы. «Спадзяюся, што і ў Польшчы на прэзідэнцкіх выбарах пераможа праеўрапейскі кандыдат, – заявіў Нікушар Дан. Ён падкрэсліў, што “супрацоўніцтва з Варшавай будзе мець вырашальнае значэнне для бяспекі Еўропы”.
“Румынія і Польшча – вельмі вялікія краіны, таму, калі Еўропа хоча ўзяць на сябе адказнасць за сваю бяспеку, мы павінны пагадзіцца ў фундаментальных пытаннях”, – дадаў Дан.