BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Румыніі затрымалі прарасейскага кандыдата ў прэзідэнты Кэліна Джарджэску

У Румыніі затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты Кэліна Джарджэску. Яго машыну спыніла паліцыя, пасля гэтага палітыка даставілі на допыт у Генпракуратуру.

Адначасова сілавікі правялі 47 вобшукаў у набліжаных да Джарджэску, уключаючы яго целаахоўніка Харацію Потру, а таксама партнёрку ахоўніка, якая, паводле даных следства, мае цесныя сувязі з вышэйшымі коламі ўлады ў Маскве, піша digi24.ro.

На некалькіх фатаграфіях, якія фігуруюць у расследаванні, партнёрка ахоўніка адлюстраваная побач з чачэнскімі наймітамі і публікавала пасты, што дэманструюць яе сімпатыю да Расіі. Таксама, паводле інфармацыі следства, Харацію Потра быў заўважаны на Краснай плошчы ў Маскве ў верасні мінулага года.

Сярод абвінавачванняў, прад’яўленых затрыманым, значацца стварэнне фашысцкай групоўкі і фальсіфікацыя даных аб фінансаванні выбарчай кампаніі Джарджэску.

Каманда палітыка пасля затрымання заявіла, што ён мае намер пазмагацца за пасаду прэзідэнта на будучых выбарах.

Нагадаем, Джарджэску перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 22.94% галасоў, ён павінен быў пазмагацца за прэзідэнцкі пост у другім туры. Аднак Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага тура з-за замежнага ўмяшання ў выбарчы працэс. Паводле даных спецслужбаў, за Джарджэску ў тік-току агітавалі дзясяткі тысяч ботаў, якіх звязваюць з Крамлём.