Амерыканскія і расейскія афіцыйныя асобы пачалі закрытыя перамовы ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе.

Пра гэта паведаміў тэлеканал Al Arabiya. Тэлеканал зазначыў, што перамовы накіраваны на дасягненне прагрэсу ў шырокім спыненні агню ва Украіне, прычым Вашынгтон разглядае пагадненне пра спыненне агню ў Чорным моры, перш чым дасягнуць больш шырокага пагаднення.
Па дадзеных росСМІ, перад перамовамі памагаты расейскага дыктатара Юры Ушакоў паведамляў, што на перамовах будзе ўзнятае пытанне бяспекі ў Чорным моры.
Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў размыта казаў, што акрамя аднаўлення збожжавай здзелкі, будуць абмяркоўвацца іншыя “нюансы” і “аспекты” спынення вайны супраць Украіны.
23 сакавіка ў Саудаўскай Аравіі таксама адбыліся перагаворы дэлегацый ЗША і Украіны. Пасля іх міністр абароны Рустэм Умераў сказаў, што “размова была канструктыўная і змястоўная – абмеркавалі ключавыя пытанні, у прыватнасці, у энергетычнай сферы”.
Перад перамовамі з РФ стала вядома, што дэлегацыя ЗША будзе дабівацца прагрэсу ў пытанні спынення агню ў Чорным моры і шырокага спынення гвалту ва Украіне.






