BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Сейме Літвы прайшоў Форум арганізацый журналістаў

“Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта — падтрымліваць самыя высокія стандарты”. У Вільні 13 снежня ў Сейме Літвы прайшоў Форум арганізацый журналістаў з краін Балтыі і пераследаваных беларускіх журналістаў. Ён прайшоў у змешаным фармаце (афлайн і анлайн) і быў прысвечаны захаванню прафесійных стандартаў у кантэксце войнаў і міжнародных канфліктаў.

Як адзначылі арганізатары, гэта асабліва важна для барацьбы журналістыкі супраць прапаганды вайны і распаўсюджвання мовы варожасці.

Вынікі Форуму падсумаваў старшыня літоўскага Саюза журналістаў Дайнюс Радзявічус:

Тое, што мы працягваем форум, гэта найлепшы вынік, бо я адчуваю, што магло б і не быць форуму. Мы можам выкарыстоўваць новыя фарматы, можам зрабіць нешта нанова, прызначыць новыя тэмы — вельмі шмат усяго новага. Але менавіта ў гэтым фармаце, у фармаце форуму, тое, што мы ўжо не першы год выбіраем самыя актуальныя для нас пытанні і збіраемся ў пятніцу, калі ўсе павінны адпачываць, — на маю думку, гэта самае галоўнае. І тое, што журналісты, супольнасці з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі ўсё яшчэ разам і застаюцца салідарнымі, мае вельмі вялікае значэнне.

Анастасія Бойка з уручанаю прэміяй „Надзея Свабоды“

Падчас форуму была ўручаная прэмія “Надзея Свабоды” галоўнай рэдактарцы выдання «Медыязона. Беларусь» Настассі Бойцы. Падчас сваёй прамовы яна выказала словы падзякі літоўскім і беларускім калегам.

Гэта сапраўды вельмі важнае прызнанне і для маёй працы, і для працы ўсёй «Медыязоны. Беларусь». У гэты складаны час, калі журналістыка стала амаль ананімнай, і калі мы ўсе працуем у эміграцыі, я ўсё ж такі ўспрымаю гэтую прэмію не як сваю асабістую, а як прэмію для ўсёй нашай рэдакцыі, для кожнага і кожнай з нашых супрацоўнікаў.

У форуме ўдзельнічалі Юозас Олекас, першы намеснік старшыні Сейма, прадстаўнік часовай групы Сейма “За дэмакратычную Беларусь”, Жыгімантас Павільёніс, намеснік старшыні Камітэта замежных спраў Сейма, Бята Мартын, дырэктарка FES Baltic States, Дайнюс Радзявічус, старшыня Саюза журналістаў Літвы, Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, Майя Север, прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў ды іншыя.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя