
Фота: coe.int
У Страсбургу праходзілі чарговыя сустрэчы ў рамках кантактнай групы па супрацоўніцтве паміж Радай Еўропы і Беларуссю. Яна дзейнічае з 2022 года і працуе па розных кірунках. На апошніх сустрэчах, між іншым, закраналі пытанні гендарнай роўнасці і правоў жанчын.
Сярод удзельнікаў – намесніца прадстаўніцы па сацыяльных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Юлія Міцкевіч. Праца ў кантактнай групе сёння сканцэнтраваная на больш доўгатэрміновую перспектыву, кажа Юлія Міцкевіч пра чарговы раўнд пасяджэнняў:
– Бо стандарты, механізмы, якія ўжываюцца ў Радзе Еўропы, адкуль афіцыйная Беларусь выключана з-за таго, што там ужываецца смяротнае пакаранне. Тое, што мы напрацоўваем, што мы вывучаем на будучае. Бо зразумела, што цяпер мы не можам гэта ўжыць, цяпер гэта немагчыма. Аднак гэта не азначае, што гэта не мае палітычнага сэнсу. Безумоўна, у першую чаргу, стварэнне кантактнай групы, гэта вялізны палітычны крок.
Афіцыйны Менск сёння – не сябра Рады Еўропы, бо Беларусь не ратыфікавала Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Кволыя адносіны з міжнароднай структурай прарваліся пасля атакі Расеі на Украіну. З 2022 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай створаная кантактная група, якая і прадстаўляе дэмакратычны сектар і грамадзянскую супольнасць.
Беларускае Радыё Рацыя






