Узброеныя сілы Літвы і Польшчы 21 красавіка пачалі сумесныя тактычныя вучэнні «Адважны грыфон» у раёне Сувалкаўскага калідору, паведаміла інфармацыйнае агенцтва “Позірк” са спасылкай на літоўскае агенцтва BNS.
У вучэннях, якія будуць праходзіць да 26 красавіка, таксама возьмуць удзел падраздзелы войскаў ЗША і Партугаліі, адзначае партал lrt.lt. Літва задзейнічае ў мерапрыемствах 1,5 тыс. вайскоўцаў пяхотнай брыгады «Жэмайція» ім. Яна Хадкевіча. Вучэнні прадугледжваюць «абарончыя сцэнары ў адпаведнасці з двухбаковым літоўска-польскім „Аршанскім планам“», гаворыцца ў паведамленні. Падкрэсліваецца, што гэты план падрыхтаваны ў 2022 годзе, частка яго засакрэчаная. Пры гэтым, як паведамляе выданне, у Літве працягваюцца вучэньні «Удар мяча», арганізаваныя Узброенымі сіламі ЗША.