Падчас форуму ў Стакгольме «Пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын і дэмакратыі ў Беларусі» Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Швецыі Марыя Мальмер Стэнэр-гард абвясцілі пра стварэнне праграмы развіцця жаночага лідарства. Праграму падтрымаў шведскі ўрад. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.

10 жанчын былі адабраныя праз конкурс на ўдзел у праграме. Сярод іх журналісткі, актывісткі, праваабаронцы і дзяячкі культуры. Іх чакае інтэнсіўная праграма — з сустрэчамі і трэнінгамі ў розных краінах.
Акрамя таго, падчас сустрэчы з Ціханоўскай міністр Стэнэр-гард заявіла, што Швецыя павялічыць падтрымку незалежных СМІ, вылучыць падтрымку для Радыё Свабода, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, праваабарончых і культурніцкіх ініцыятываў, грамадзянскай супольнасці.
Таксама падчас сустрэчы было анансавана, што Швецыя разам з беларускімі праваабаронцамі запускае праграму дзіцячых летнікаў для дзяцей палітзняволеных.
Беларускае Радыё Рацыя






