BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Турцыі асудзілі анэксію Крыма Расеяй і заявілі пра падтрымку суверэнітэту Украіны

У адзінаццатыя ўгодкі “крымскага рэферэндуму” Міністэрства замежных спраў Турцыі асудзіла анэксію паўвострава Расеяй, якая адбылася ў 2014 годзе, паведамляе Handelsblatt.

“Мы зноў заяўляем, што Турцыя не прызнае незаконную сітуацыю дэ-факта ў Крыме, якая супярэчыць міжнароднаму праву, і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны”, – сказана ў заяве ведамства.

Таксама аб вайне ва Украіне на гэтым тыдні выказаўся і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган. Ён падкрэсліў, што Анкара неаднаразова асуджала расейскую агрэсію і заклікала бакі сесці за стол перамоваў.

“Пазіцыя Турцыі па гэтай вайне была максімальна яснай з першага дня. Мы не жадаем больш кровапраліцця і жадаем, каб абодва суседы скончылі вайну справядлівым мірам”, – напісаў Эрдаган на сваёй старонцы ў сацсетцы X па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

Акрамя гэтага Эрдаган дадаў, што Турцыя гатова дапамагчы ў арганізацыі перагавораў паміж Украінай і РФ, каб як мага хутчэй дабіцца міру.

Акрамя таго, у The Telegraph пісалі, што Турцыя можа адправіць войскі ва Украіну ў якасці міратворцаў. У Турцыі лічаць, што яны гатовы пайсці на гэты крок, калі будзе неабходнасць.