У Варшаве адбылося сімвалічнае адкрыццё мурала, прысвечанага беларускім палітвязням, паведамляе polskieradio.pl. На выяве – постаці Алеся Бяляцкага, Марыі Калеснікавай, Анджэя Пачобута і Марфы Рабковай. Побач — цытаты з іх выказваннямі.

Гэта папраўленая версія папярэдняга мурала ў гонар Бяляцкага, на якім было напісана, што праваабаронца ўжо на свабодзе. Праца ўзнікла па ініцыятыве праваабарончай арганізацыі Amnesty International Polska. Як кажа дырэктарка арганізацыі Ганна Блашчак-Банасяк: «Вайна ва Украіне і гуманітарны крызіс у Сектары Газа адцягваюць увагу ад таго, што адбываецца ў Беларусі. А там, верагодна, у ліпені наступнага году пройдуць прэзідэнцкія выбары. Мы яшчэ дакладна не ведаем калі яны пройдуць, але ўжо ведаем іх вынік. Падобным чынам як пасля 2020 году, тысячы ўцекачоў з Беларусі будуць шукаць прыстанішча ў Польшчы. Мы такім чынам хочам сказаць, што Польшча падтрымлівае герояў Беларусі».

На сімвалічным адкрыцці прысутнічала Святлана Ціханоўская. Яна сказала, што задача беларусаў пры дапамозе суседзяў выратаваць усіх палітзняволеных:
– Дзякую Польшчы за іх моцную пазіцыю. Яны шмат дапамагаюць беларусам у выгнанні, нашым дэмакратычным сілам, ціснуць на рэжым. Думаю, гэты мурал вельмі важны і для палякаў. Надпісы тут – агульначалавечыя. Яны дапамагаюць зразумець, што адбываецца ў нашай краіне.

Мурал знаходзіцца на кальцавой развязцы імя Стэфана Шчэпаньскага «Зютка» ў варшаўскім раёне Воля.