BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве пройдзе з’езд Партыі БХД

З’езд Партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пройдзе 10 лютага у Варшаве. Цяпер у Польшчы, якая прыняла многіх палітычных уцекачоў,  дзеіць некалькі суполак партыі ў розных гарадах: Варшаве, Гданьску, Беластоку.

Пра задачы партыі і перспектывы развіцця Юрка Ляшчынскі гутарыць з Сяргеем Верамеенкам – лідарам беластоцкай суполкі БХД:

-З’езд пройдзе ў Варшаве, дэлегаты будуць з ліку сябраў БХД і толькі тыя, каторыя выехалі ў эміграцыю. Ніхто з Беларусі прыязджаць не будзе.

РР: Значыць, будуць беларусы з суполак, што ў Польшчы. А з іншых краін прыедуць зацікаўленыя асобы?

Сяргей Верамеенка: Так, канешне будуць. І традыцыйна мы будзем яшчэ запрашаць прадстаўнікоў іншых палітычных партый, мажліва, не толькі беларускіх, прадстаўнікоў грамадства будзем запрашаць на наш з’езд, таму што нашыя дзеянні заўсёды былі адкрытыя і публічныя, бо мы на гэтым грунтуемся і выступаем, бо гэта і ёсць прынцыпы дэмакратыі.

РР: У БХД  ёсць прыязныя партнёры сярод іншых беларускіх палітычных плыняў, ці няма? Ці ўваходзіце ў нейкія альянсы, кааліцыі?

Сяргей Верамеенка: Мы заўсёды выступалі за тое, каб дзейнічаць разам усім партыям. Мы гаворым пра агульныя дамоўленасці. Напрыклад, нядаўна мы падпісалі з Народнай Грамадой мемарандум пра агульныя дзеянні, пра нашыя мэты, пра тое, што мы хочам рабіць. Спадзяюся, што нешта падобнае будзе таксама з іншымі партыямі. Мы маем на мэце прыйсці да свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Таму мы лічым, што паміж сабой, па вялікім рахунку, нам няма чаго дзяліць. Калі мы ў Беларусі існавалі ў такіх складаных умовах, але тым не менш, дзейнічалі разам, то на эміграцыі, у свабодных краінах тым больш мы абавязаныя гэта рабіць. І акрамя таго, мы яшчэ маем досьвед Гародні, калі мы разам дзейнічалі на нізавым роўні – гэта былі актывісты АГП, БХД, БНФ і таксама іншых партый, нават, “Гавары Праўду”. Мы паказвалі прыклад кіраўніцтву ў Менску, як трэба дзейнічаць разам. Дарэчы, вынікам гэтага стала, і ўсе ведаюць – Свабодны горад Гародня ў 2020 годзе.

РР: Галоўная мэта зараз – зрабіць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай, а потым ужо арганізоўваць палітычнае партыйнае жыццё ў самой ужо Вольнай Беларусі? Бо першая мэта зараз, каб была напачатку Беларусь.

Сяргей Верамеенка: Так. Я лічу, што трэба выбудаваць для сябе, для ўсіх нас стратэгічныя мэты, а  пра тактыныя ўжо пасля дамаўляцца.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, як партыя, мае багатую несавецкую гісторыю палітычнай кааперацыі беларусаў, на нацыянальна-цэнтрычнай, маральнай, незалежніцкай ідэі. У Беларусі, пад узурпатарскім рэжымам гэтая партыя, ня ледзячы на сем спробаў, так і не была зарэгістраваная. Цяпер яна пашырае сваю геаграфію да Заходняе Еўропы і Амерыкі, бо ў самой Беларусі – палітычныя рэпрэсіі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя