У Варшаве завяршылася IV Канферэнцыя беларусаў свету. Яна ладзілася з 23 па 25 траўня ў Staszic Palace і Музеі Вольнай Беларусі. У рамках падзеі адбываліся як выступы палітычна-грамадскіх і культурных дзеячаў, так і працы ў групах.

Пра важнасць міжнароднай падзеі распавядае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:
– Гэта прынцыпова стратэгічна важна ставіць пытанні перад нашымі партнёрамі пра тыя рызыкі, якія існуюць для нашага грамадства і дзяржавы. Перадусім гэта страта дзяржаўнасці, гэта тое, што Лукашэнка прадае нацыянальныя інтарэсы Беларусі для Расейскай Федэрацыі. Што ён праводзіць антыдзяржаўную, антыбеларускую палітыку ўнутры Беларусі. І пра гэта могуць казаць беларусы замежжа. Другая тэма, калі беларусы аб’ядноўваюцца на канферэнцыі, гэта вырашэнне тых балючых праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць тэрыторыю краіны, фактычна дэпартаваныя з тэрыторыі Беларусі.
“Па дадзеных ААН, краіну вымушаныя былі пакінуць не менш за 600 тысяч беларусаў”, – прыводзіць статыстыку Павел Латушка.
Сярод тэм, якія абмяркоўваліся падчас Канферэнцыі, – дапамога палітвязням і добраахвотнікам, праца з беларускімі дыяспарамі ў розных краінах, культурнае развіццё і іншае.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






