Кіраўнікі знешнепалітычных структур Беларусі і Ватыкана абмеркавалі ў Жэневе двухбаковае супрацоўніцтва. Перамовы з сакратаром па адносінах Святога Прастола з дзяржавамі архіепіскапам Полам Рычардам Галахерам правёў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Беларуская дэлегацыя на чале з Рыжанковым 24-26 лютага 2025 года наведвае Жэневу для ўдзелу ў “сегментах высокага роўню“ 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека і канферэнцыі па раззбраенні.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны беларускай дзяржавы і Касцёла ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія святары і вернікі выступілі супраць гвалту, які рушыў за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.
Ад пачатку восені 2020 году да канца восені 2024-га, паводле ініцыятывы «Хрысціянская візія», з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Новыя факты пераследу святароў, у тым ліку каталіцкіх, з’яўляюцца дагэтуль.
Беларускае Радыё Рацыя






